Перайсці да змесціва

Як усталяваць Google Analytics 4 на сайт

Google Analytics 4 паказвае, колькі людзей прыходзіць на сайт, адкуль і што яны робяць: якія старонкі адкрываюць, ці націскаюць кнопкі, ці пакідаюць заяўкі. Усталёўка займае хвілін пятнаццаць, але дробныя памылкі на гэтым этапе потым месяцамі псуюць статыстыку.

Разбіраю ўсталёўку па кроках: стварыць рэсурс і паток даных, дадаць тэг на сайт адным з трох спосабаў і праверыць, што даныя сапраўды прыходзяць.


Слупковая дыяграма з лініяй росту ў акне браўзера, спіс крокаў і знак пытання — інструкцыя па ўсталёўцы Google Analytics 4

Назвы пунктаў меню даю па англамоўным інтэрфейсе — на іншых мовах яны перакладзеныя.

Перад пачаткам: праверце, ці не стаіць лічыльнік ужо

Частая праблема — два лічыльнікі на адным сайце: адзін уставіў распрацоўшчык у шаблон, другі дадалі праз плагін або Tag Manager. Тады кожны візіт лічыцца двойчы. Перад усталёўкай адкрыйце сайт, націсніце правай кнопкай мышы → «Прагляд кода старонкі» і пашукайце gtag і G-. Калі ідэнтыфікатар ужо ёсць, высветліце, чый гэта рэсурс, перш чым ставіць новы.

Крок 1. Стварыце рэсурс

  1. Адкрыйце Google Analytics пад працоўным акаўнтам кампаніі.
  2. Перайдзіце ў Admin і націсніце Create → Property. Калі акаўнта яшчэ няма, сэрвіс прапануе яго стварыць, і першы рэсурс з’явіцца там жа.
  3. Укажыце назву, часавы пояс і валюту справаздач. Часавы пояс важны: ад яго залежыць, да якога дня адносяцца візіты.
  4. Адкажыце на пытанні пра галіну і мэты і націсніце Create.

Крок 2. Дадайце паток даных для сайта

  1. У Admin, у раздзеле Data collection and modification, адкрыйце Data streams.
  2. Націсніце Add stream → Web.
  3. Укажыце адрас сайта і назву патоку. Пашыраную статыстыку (Enhanced measurement) пакіньце ўключанай: яна сама збірае пракрутку, клікі па знешніх спасылках, пошук па сайце і спампоўванне файлаў.
  4. Націсніце Create stream. У картцы патоку з’явіцца ідэнтыфікатар выгляду G-XXXXXXXXXX.

Крок 3. Дадайце тэг на сайт

Спосаб залежыць ад таго, як уладкаваны сайт. Выберыце адзін, а не ўсе адразу.

Праз налады CMS

У многіх CMS і канструктарах ёсць поле для ідэнтыфікатара Google Analytics — у наладах шаблона, SEO-пашырэння або інтэграцый. Дастаткова ўставіць туды G-XXXXXXXXXX.

Праз Google Tag Manager

Калі на сайце ўжо стаіць Tag Manager або вы плануеце падключаць іншыя сэрвісы, стаўце Analytics праз яго: стварыце тэг Google з вашым ідэнтыфікатарам і апублікуйце кантэйнер. Як гэта зрабіць, я разбіраў у артыкуле пра ўсталёўку Google Tag Manager.

Код уручную

  1. У картцы патоку, у раздзеле Google tag, націсніце View tag instructions і выберыце Install manually.
  2. Скапіруйце код цалкам — ад каментарыя <!-- Google tag (gtag.js) --> да закрывальнага </script>.
  3. Устаўце яго адразу пасля адкрывальнага тэга <head> на кожнай старонцы сайта. Звычайна гэта адно месца ў агульным шаблоне.

Крок 4. Праверце, што даныя прыходзяць

  1. Адкрыйце сайт у звычайным акне браўзера без блакавальніка рэкламы.
  2. У Analytics адкрыйце справаздачу Realtime. Ваш візіт павінен з’явіцца на працягу некалькіх хвілін.
  3. Калі візіту няма, пачакайце: паводле Google, збор даных пачынаецца на працягу 30 хвілін пасля ўсталёўкі. Калі даных няма і праз паўгадзіны, праверце, ці той ідэнтыфікатар стаіць на сайце і ці не перашкаджае запуску тэга cookie-банер.

Стандартныя справаздачы запаўняюцца з затрымкай, часам да 24–48 гадзін. Гэта нармальна.

Cookie-банер і рэжым згоды. Для наведвальнікаў з ЕС Google Analytics павінен улічваць іх выбар у cookie-банеры. Калі банер ёсць, але не перадае згоду ў Google, частка даных знікне або будзе збірацца няправільна. Як гэта праверыць — у артыкуле пра праверку Consent Mode v2.

Што наладзіць адразу пасля ўсталёўкі

  • Тэрмін захоўвання даных. Па змаўчанні падрабязныя даныя для даследаванняў захоўваюцца 2 месяцы. У Admin → Data collection and modification → Data retention тэрмін можна павялічыць да 14 месяцаў.
  • Выключэнне сваіх візітаў. Візіты супрацоўнікаў скажаюць статыстыку невялікага сайта. Іх выключаюць праз вызначэнне ўнутранага трафіку па IP-адрасе офіса і фільтр даных.
  • Сувязь з Search Console. Тады ў Analytics з’явяцца пошукавыя запыты і старонкі з арганічнага пошуку. Як дадаць сайт у Search Console — у асобнай інструкцыі.
  • Ключавыя падзеі. Заяўкі, званкі і пакупкі трэба адзначыць як ключавыя падзеі (key events), інакш Analytics не пакажа, якія крыніцы прыводзяць кліентаў.

Частыя памылкі

  • Два лічыльнікі на сайце — візіты падвойваюцца.
  • Код устаўлены толькі на галоўную, а не ў агульны шаблон усіх старонак.
  • Рэсурс створаны на асабісты акаўнт падрадчыка.
  • Няправільны часавы пояс — візіты «пераязджаюць» на суседні дзень.
  • Пастаўлены стары код Universal Analytics з ідэнтыфікатарам UA-: гэты сэрвіс больш не збірае даныя.

Коратка

  1. Праверце, ці няма на сайце старога або чужога лічыльніка.
  2. Стварыце рэсурс і вэб-паток, скапіруйце ідэнтыфікатар G-.
  3. Пастаўце тэг адным спосабам: праз CMS, Tag Manager або код у <head>.
  4. Праверце візіт у справаздачы Realtime.
  5. Павялічце тэрмін захоўвання, выключыце свае візіты і адзначце ключавыя падзеі.

Паставіць тэг — палова справы: далей патрэбныя падзеі, выключэнне сваіх візітаў і сувязь з рэкламай. Калі хочаце, каб заяўкі і пакупкі лічыліся правільна з першага дня, мы можам наладзіць Google Analytics 4 за вас.