Як праверыць, што канверсіі Google Ads лічацца
Рэклама ў Google Ads вучыцца на канверсіях: заяўках, званках, пакупках. Калі яны лічацца няправільна, сістэма аптымізуе кампаніі ўсляпую — марнуе бюджэт на клікі, якія нічога не прыносяць, і не заўважае тыя, што прыводзяць кліентаў.
Паказваю, як самастойна праверыць адсочванне канверсій: дзе глядзець статусы, як зрабіць тэставую канверсію, як звярыць лічбы з рэальнымі заяўкамі і дзе звычайна губляюцца даныя.

Назвы пунктаў меню даю па англамоўным інтэрфейсе — на іншых мовах яны перакладзеныя.
Крок 1. Паглядзіце статусы ў зводцы канверсій
У Google Ads адкрыйце Goals → Conversions → Summary. У кожнага дзеяння-канверсіі ёсць статус. У 2026 годзе Google абнавіў статусы:
- Active — улік працуе, нічога рабіць не трэба.
- Needs attention — канверсіі запісваюцца, але Google раіць нешта паправіць.
- Misconfigured — з-за памылак налады канверсіі перасталі запісвацца. Гэта тэрмінова.
- Awaiting conversions — за апошні тыдзень не было ніводнай канверсіі. Нармальна для новых дзеянняў і спыненых кампаній, трывожна — для працуючых.
- Removed — дзеянне выдаленае і даныя не збірае.
Звярніце ўвагу і на тое, якія дзеянні адзначаны як асноўныя. Для аптымізацыі ставак выкарыстоўваюцца толькі асноўныя дзеянні: калі заяўка з сайта пазначана як другасная, кампаніі яе «не бачаць».
Крок 2. Зрабіце тэставую канверсію
- Адкрыйце Tag Assistant і падключыцеся да свайго сайта.
- Прайдзіце шлях кліента: адкрыйце старонку, запоўніце форму або націсніце на нумар тэлефона, калі званкі лічацца канверсіямі.
- У Tag Assistant знайдзіце падзею адпраўкі формы і праверце, што спрацаваў тэг канверсіі Google Ads з патрэбным ідэнтыфікатарам і меткай.
Калі тэг не спрацоўвае, праверце трыгер. Частая прычына: форма адпраўляецца без перазагрузкі старонкі, а канверсія наладжана на прагляд старонкі «Дзякуй», якой больш няма.
У справаздачах Google Ads канверсія з’явіцца не адразу, а з затрымкай у некалькі гадзін. Пустая справаздача праз пяць хвілін пасля тэсту — не нагода для панікі.
Крок 3. Звярыце з рэальнымі заяўкамі
Вазьміце тыдзень і параўнайце тры лічбы: заяўкі ў CRM або пошце, канверсіі ў Google Ads і ключавыя падзеі ў Google Analytics. Да штукі яны не супадуць — у сістэм розныя мадэлі атрыбуцыі і вокны канверсій. Але парадак лічбаў павінен быць падобным.
- У Ads канверсій у разы больш, чым заявак — хутчэй за ўсё, лічыцца не тое дзеянне (напрыклад, прагляд любой старонкі) або канверсія дублюецца.
- У Ads канверсій у разы менш — губляюцца даныя. Прычыны — ніжэй.
Дзе звычайна губляюцца канверсіі
- Рэжым згоды. Наведвальнікі з ЕС, якія адмовіліся ад cookie, звычайным спосабам не адсочваюцца. Калі рэжым згоды не наладжаны, Google не можа нават змадэляваць гэтыя канверсіі. Як праверыць — у артыкуле пра праверку Consent Mode v2.
- Двайны ўлік. Адна і тая ж заяўка імпартуецца з Analytics і адначасова лічыцца тэгам Google Ads, і абодва дзеянні адзначаны як асноўныя.
- Званкі. Клік па нумары тэлефона — яшчэ не званок. Калі званкі важныя, іх адсочваюць асобна.
- Тэг знік пасля абнаўлення шаблона або пераезду сайта. Надзейней трымаць тэгі ў Tag Manager — як яго ўсталяваць, я разбіраў у асобным артыкуле.
- Форма на іншым дамене. Тэг стаіць на асноўным сайце, а заяўка афармляецца на паддамене або ў старонім сэрвісе браніравання.
Коратка
- Праверце статусы ў Goals → Conversions → Summary.
- Пераканайцеся, што патрэбныя дзеянні адзначаны як асноўныя.
- Зрабіце тэставую заяўку і праверце спрацоўванне тэга ў Tag Assistant.
- Звярыце тыднёвыя лічбы Ads, Analytics і CRM.
- Праверце рэжым згоды, дублі і формы на старонніх даменах.
Калі лічбы не сыходзяцца і незразумела, дзе губляюцца заяўкі, мы можам наладзіць Google Ads і адсочванне канверсій: правядзём аўдыт, складзём план канверсій і наладзім улік заявак, званкоў і пакупак.